клуба засталіся ў Тампа для арганізацыі работ першай чаргі з дапамогаю мясцовых рабочых.
Праз восем дзён «Тампіко» зноў паказаўся ў заліве Тампа ў суправаджэнні параходнай флатыліі. Мерчызон прывёз паўтары тысячы рабочых.
31 кастрычніка, а дзесятай гадзіне раніцы, увесь натоўп высадзіўся на наберажную Тампа. Зразумела, які рух і дзейнасць адразу ахапілі гэты маленькі гарадок, насельніцтва якога за адзін дзень амаль падвоілася.
Але і пасля гэтай першай хвалі новых пасяленцаў насельніцтва Тампа хутка расло, і прытым незалежна ад ліку рабочых, бо іх адразу-ж накіравалі ў Стонзхіл. У Тампа амаль штодзённа прыбывалі з усіх канцоў зямнога шара атрады турыстаў, жадаючых сваімі вачыма бачыць месца і работы для ажыццяўлення вялікай справы Пушачнага клуба.
Патрабавалася некалькі дзён для выгрузкі першай партыі матэрыялаў, машын і правіянта, а таксама частак зборных дамоў для рабочых. У гэты-ж час Барбікен паставіў першыя вешкі для палатна чыгункі, якая павінна была злучыць Стонзхіл з Тампа.
Бадай не ўсім вядома, як амерыканцы будуюць свае чыгункі. Яны не баяцца ні крутых заваротаў, ні вялікіх пад’ёмаў, ненавідзяць пярылы пры насыпах і ўсякія штучныя пабудовы. Іх дарогі капрызна ўзбіраюцца на ўзгоркі і такім-жа чынам спускаюцца ў даліны, ідучы амаль навослеп, ані не клапоцячыся аб захаванні прамалінейнага шляху. Таму амерыканскія чыгункі каштуюць значна танней за еўрапейскія і будуюцца хутчэй; затое з іх рэльсаў паязды хутчэй сыходзяць і часцей валяцца пад адкос.