— Гэта дасць нам вялікую эканомію ў часе, — растлумачыў Мерчызон, — таму што цяпер можна будзе прымяніць новую сістэму для паглыблення шахты.
— А ў чым-жа заключаецца гэта новая сістэма? — запытаў маёр, які быў староннікам моцных гармат і таму не без хістанняў адмовіўся ад жалезных кольцаў для калумбіяды: ён умомант успомніў няшчасны лёс мастонаўскай мартыры.
— Справа вось у чым, — адказваў Мерчызон, — калі ставіць умацавальныя абручы на пушку, то нельга пачынаць муравання раней, чым не будзе адліта пушка і абцягнута гэтымі велізарнымі абручамі; цяпер-жа мы будзем вымуроўваць каменную аграду адначасова з выкапваннем зямлі. Акрамя таго, гэта пазбаўляе ад неабходнасці падпіраць земляныя сцены распорнымі брусамі; цяпер іх стрымае мур, які сам будзе апускацца ўніз з дапамогаю свайго цяжару.
— Але вы, здаецца, яшчэ не паставілі каменшчыкаў на работу? — запытаў маёр.
— Раней трэба адкапаць верхні пласт глебы і дабрацца да цвёрдага грунту, — адказаў інжынер.
У гэты першы дзень работ, 4 лістапада, пяцьдзесят рабочых выкапалі ў цэнтры агарожы, г. зн на самай вяршыні Стонзхіла, круглую яму дыяметрам у дваццаць метраў. Першы пласт глебы аказаўся падобным да чарназёма ўсяго на некалькі сантыметраў у таўшчыню. Гэты пласт знялі вельмі хутка; пад ім аказаўся тонкі пясок, пластом у таўшчыню менш метра. Гэты пясок прышлося вельмі акуратна выбраць і скласці недалёка ад агарожы, бо ён быў годны для пабудовы ўнутранай формы для адліўкі пушкі.
Пасля пяску паказалася даволі шчыльная белая