дзень і пайшоў удоўж амерыканскага берагу, увайшоў у Багамскі канал, абышоў мыс Себль — паўднёвую аканечнасць Фларыды, паплыў удоўж берагу і, не пацярпеўшы ні адной аварыі ў дарозе, 10 мая кінуў якар у гавані Тампа.
Патрэбна было нямала часу, каб разгрузіць гэтыя шэсцьдзесят караблёў, і яшчэ больш, каб перавезці ўжо гэту масу чыгуна па чыгунцы ў Стонзхіл. Але і гэта аперацыя шчасліва была закончана к палавіне чэрвеня месяца.
Яшчэ раней былі паволі загатоўлены вялікія склады вугалю і іншых матэрыялаў для адліўкі.
Патрэбна было затым загрузіць тысячу дзвесце пячэй чыгуном і вугалем. І тут тыя, якія здзіўляліся, што вельмі многа, як ім здавалася, пячэй, убачылі, што іх якраз толькі хапае, каб змясціць загатоўлены запас чыгуна.
Печы трэба было пабудаваць такім чынам, каб яны выплавілі кожная ў адзін і той-жа час адну і тую-ж колькасць чыгуна і каб затым увесь іх вадкі чыгун мог адначасова дасягнуць шахты і роўнамерна ў яе ўлівацца.
Узорам для стонзхілскіх пячэй паслужылі печы, што адлівалі чыгун для славутай велізарнай пушкі Родмэна. Гэта былі параўнальна нізкія печы, маючыя ў папярочным разрэзе форму трапецыі. Топка і ніз трубы захватвалі абодва канцы печы, і таму яна роўнамерна награвалася на ўсёй адлегласці. Сцены пячэй былі складзены з агнетрывалай цэглы, а ўсё ўнутранае прыстасаванне зводзілася да рашоткі, г. зн. да каласнікоў для спальвання вугалю, і да подавай пліты, на якой расстаўляліся брускі чыгуна: пліце далі нахіл у дваццаць пяць градусаў для таго, каб расплаўлены метал мог вольна сцякаць у прыёмныя рэзервуары.