небяспечным ворагам справы, якую трэба было закончыць к тэрміну, — быць у поўнай залежнасці ад ворага — было жорсткае выпрабаванне для чалавека, прывыкшага да дзейнай барацьбы.
Праз некалькі дзён пасля адліўкі калумбіяды былі пачаты правільныя штодзённыя назіранні за тэмпературай глебы вакол шахты. Доўга назіранні давалі зусім неўцяшальныя рэзультаты, але к палавіне жніўня пачалі вызначацца відочныя змены: можна было ўжо ставіць тэрмометры бліжэй да шахты, пары выходзіла з яе многа менш, і слуп, што стаяў над шахтай, губляў сваю непранікальнасць. К 15 жніўня глеба выдзяляла ўжо толькі лёгкі туман — апошняе кананне страшыдла ў яго каменнай дамавіне. Паволі спыніліся страсенні і гул; бесперапынна звужвалася кальцо раскаленай глебы вакол шахты.
Смельчакі пачалі ўласнымі падэшвамі прабаваць падыйсці да шахты. За адны толькі суткі можна было падацца ўперад на чатыры метры, праз суткі — амаль на столькі-ж, і, урэшце, 22 жніўня Мерчызон, Барбікен, Мастон і іх калегі з Пушачнага клуба маглі ўжо стаць на край чыгуна, роўнага з паверхняю вяршыні Стонзхіла.
— Нарэшце! — усклікнуў старшыня Пушачнага клуба і палегчана ўздыхнуў.
Можна сабе ўявіць радасць паважанага сакратара Пушачнага клуба. Найпаважанейшы Мастон не хацеў зыйсці з паверхні чыгуна, сцвярджаючы, што гэта надзвычай гігіенічнае месца — ног не застудзіш! Сапраўды-ж чыгун быў настолькі яшчэ гарачы, што і Мастону прышлося адступіць на загадзя падрыхтаваную пазіцыю.
У той-жа дзень пачаліся першыя работы па ачыстцы канала калумбіяды.