каванняў асцярожнасці, з вельмі зразумелага імкнення ўнікнуць усяго, што магло-б кампраметаваць яго праект.
Перш за ўсё гэта тэлеграма магла аказацца проста містыфікацыяй, дасціпным, але дрэнным жартам, тым больш, што ён выходзіў ад француза. Якому чалавеку магла прыйсці думка, больш чым смелая, больш чым дзёрзкая, накіравацца на Луну ўнутры ядра? І калі гэта тэлеграма не фальшывая, калі сапраўды знайшоўся такі чалавек, то хіба гэта не вар’ят, якога трэба пасадзіць у псіхіятрычную больніцу, а не ў снарад калумбіяды?
Але тэлеграмы нельга было ўтаіць, бо тэлеграфныя служачыя нідзе не захоўваюць сваіх службовых сакрэтаў. Можна было паручыцца, што дзіўная прапанова Мішэля Ардана адразу-ж стане вядомай ва ўсіх штатах Паўночнай Амерыкі. Таму, і Барбікену не было ніякага сэнсу ўтойваць тэлеграму.
Ён адразу склікаў усіх пражываючых у Тампа членаў Пушачнага клуба і, аб’явіўшы надзвычайнае паседжанне адкрытым, зусім спакойна, — не выказваючы сваіх адносін да тэлеграмы Ардана, не закранаючы ніводным словам пытання аб давер’і, якога яна заслугоўвае, — прачытаў яе кароткі тэкст.
— Немагчыма!
— Невыабражальна!
— Недарэчна.
— Гэта проста смешкі!
— Здзекі з нас!
Некалькі хвілін чуваць былі выгукі сумнення, недаверлівасці, абвінавачання ў глупстве і дурасці з усімі звычайнымі ў такіх выпадках жэстамі; адны дабрадушна ўсміхаліся, другія смяяліся, не-