Старонка:З пушкі на Луну.pdf/147

Гэта старонка была вычытаная

рашэнні не пакідаць борта «Атланты», і капітан павінен быў дазволіць ім пераначаваць на палубе.

Сярод гэтых непахісных гледачоў аказаўся і ганаровы сакратар Пушачнага клуба, паважаны Дж. Т. Мастон. Ён яшчэ раней прывінціў свой жалезны кручок да верхняга бруса пярыл юта, і адарваць яго можна было толькі спіцай.

Прывінчаны да пярыл, Мастон доўга ўголас выхваляў Мішэля Ардана. Усім сядзячым ці праходзячым міма яго ён паўтараў з рознымі інтанацыямі фразу, у якой крышталізавалася яго захапленне:

— Вось чалавек — дык чалавек! Герой, сапраўдны герой! Мы ўсе — пужлівыя бабы ў параўнанні з гэтым еўрапейцам!

Старшыня-ж Пушачнага клуба, папрасіўшы наведвальнікаў разыйсціся, вярнуўся ў каюту Ардана і заставаўся там, пакуль параходны звон не абвясціў поўнач.

І тады гэтыя два сапернікі па папулярнасці ўжо моцна ціснулі адзін аднаму рукі, і Мішэль Ардан гаварыў «ты» старшыні Пушачнага клуба.

РАЗДЗЕЛ ХVІІІ

Мітынг

Назаўтра раніцой сонца, па думцы нецярплівай амерыканскай публікі, узышло вельмі позна. Казалі, што такога гультайства нельга дараваць свяцілу, якому выпаў гонар асвятляць такое паказальнае свята.

Баючыся лішніх няскромных пытанняў, якія маглі быць прапанаваны Мішэлю Ардану, Барбікен хацеў па магчымасці абмежаваць аудыторыю