цуза, яго смелая тэорыя, відавочна, ашаламіла слухачоў. Ардан гэта заўважыў.
— Здаецца, я не пераканаў маіх дарагіх гаспадароў, — казаў ён з ласкавай усмешкай. — Ну, давайце разбярэмся крыху ў гэтым пытанні. Ці ведаеце, за які час даімчаўся-б кур’ерскі поезд да Луны? За трыста сутак — больш не трэба было-б для адлегласці ў восемдзесят шэсць тысяч чатырыста дзесяць лье. Хіба гэта праз меру вялікая, небывалая, нечуваная адлегласць? Гэта-ж адлегласць нават у дзевяць разоў меншая за акружыну Зямлі. Але хіба няма маракоў, якія за свой век праехалі яшчэ больш? Успомніце, што я буду ў дарозе ўсяго дзевяноста сем гадзін! Няўжо вы думаеце, што Луна так ужо далёка ад Зямлі і што трэба добра падумаць, перш чым адважыцца на такую экскурсію? А што-б вы сказалі, калі-б трэба было накіравацца на планету Нептун, якая ходзіць па небе на адлегласці тысячу сто сорак сём мільёнаў лье ад Сонца? Вось гэта падарожжа, якое толькі для нямногіх аказалася-б па кішэні нават пры тарыфе ў пяць сантымаў за кілометр, У самога Ротшыльда нехапіла-б яго мільярда на білет — патрабаваліся-б яшчэ сто сорак сем мільёнаў у прыдачу.
Гэта прасцецкая манера гаварыць і даказваць, відаць спадабалася сходу; к таму-ж Мішэль Ардан гаварыў з поўным перакананнем, з моцным і прывабным уздымам. Ён адчуваў, што аудыторыя прагавіта ловіць яго словы, і казаў далей з цудоўнай упэўненасцю:
— Дык вось, сябры мае, і гэта адлегласць ад Нептуна да Сонца — адно глупства, калі параўнаць з далёкімі зорамі. Тут ужо лічыць на тысячы