Калі ласка! Хаця і нялёгка будзе мне, прафану, адказаць на вашы заўвагі, усё-ж я пастараюся…
Да гэтага часу Барбікен быў, відавочна, вельмі задаволены агульным ходам гутаркі. Ардан разважаў аб больш ці менш тэарэтычных, адцягненых пытаннях і дзякуючы свайму палкаму выабражэнню бліскуча іх выкладаў. Але трэба было адвесці Ардана, а таксама аудыторыю ад пытанняў чыста практычных, у якіх Ардану было-б, вядома, цяжэй разабрацца. Таму Барбікен паспяшыў узяць слова і запытаўся ў свайго новага прыяцеля, што ён думае адносна заселенасці Луны і наогул планет сонечнай сістэмы.
— Ты мне ставіш вялікую і нялёгкую задачу, паважаны мой прэзідэнт! — адказаў прамоўца з ветлівай усмешкай. — Аднак, наколькі памятаю на гэта пытанне адказвалі станоўча людзі вялікага розуму. Нельга і адказаць інакш, калі стаяць на глебе прыроднай філасофіі. Але, друг Барбікен, я адкажу на тваё пытанне іншым пытаннем: ці можна дапусціць, каб светы ці планеты і іншыя нябясныя целы ніколі не былі заселены? І я смела адказваю: «Не!» Я сцвярджаю, што ўсе светы ці цяпер заселены, ці раней былі заселены, ці будуць заселены пазней.
— Правільна! Выдатна! — выклікнулі першыя рады слухачоў, якія задавалі тон усяму сходу; іх думка, па неабходнасці, атрымлівала сілу закона для астатніх, якія маглі быць толькі гледачамі, але не слухачамі прамовы Ардана.
— Нельга было-б адказаць больш правільна і лагічна, — згадзіўся старшыня Пушачнага клуба. — Пытанне зводзіцца да наступнага: «Ці могуць быць светы наогул заселены?» Што датычыцца мяне асабіста, я схілен гэта прызнаць.