— Добра. Але тады можна, не выходзячы за межы логікі, дапусціць, што вулканы гэтыя былі некалі дзеючымі?
— Вядома, але ранейшыя вулканічныя вывяржэнні на Луне не даказваюць усё-ж прысутнасці на ёй атмасферы — ні ў цяперашні час, ні нават у вельмі далёкі.
— Пойдзем далей, — адказаў Ардан, — і наогул пакінем ускосныя доказы. Пяройдзем да фактаў, да прамых назіранняў. Але папярэджваю: мне давядзецца спасылацца на вучоныя аўтарытэты.
— Спасылайцеся.
— Спасылаюся. І перш за ўсё напомню даўні факт. Назіраючы за зацменнем 3 мая 1715 года, астраномы Лувіль і Галей адзначылі незвычайныя светлавыя з’явы каля краёў Луны. Гэта былі пабліскванні, вельмі кароткатэрміновыя і хутка паўтараемыя. Яны прыпісалі гэтую з’яву дзеянню навальніцы, якая выбухнула ў атмасферы Луны.
— У 1715 годзе, — засупярэчыў незнаёмы, — астраномы Лувіль і Галей прынялі за лунныя такія з’явы, якія сапраўды адбываліся ў высокіх слаях зямной атмасферы і ўтвараліся балідамі і метэорамі. Вось што тады-ж адказалі вучоныя на паведамленне Лувіля і Галея, і што цяпер я вам паўтараю!
— Няхай так! — спакойна адказаў Ардан без найменшага замяшання. — Цяпер спашлюся на аўтарытэт Гершэля, які ў 1787 годзе бачыў мноства кропак, выпрамяняючых святло, на паверхні Луны.
— І гэты факт праўдзівы, — засупярэчыў незнаёмы, — але Гершэль пакінуў яго без тлумачэнняў. Ён не адважыўся на гэтай аснове даказваць існаванне луннай атмасферы.