Так патрацілі цэлую гадзіну на бескарысную хаду. Прыяцелі прыпыніліся. Трывога іх узрастала ўсё хутчэй і хутчэй.
— Не! Мусіць, усё скончана! — сказаў зусім збянтэжаны Мастон. — Такі чалавек, як Барбікен, не будзе хітраваць. Ён не зробіць ні засады, ні пасткі! Ён вельмі смелы, вельмі сумленны! Напэўна, Барбікен пайшоў прама насустрач небяспецы, і… ужо знайшоў смерць…
— Але сказаў-жа табе дрывасек, што не было ніводнага стрэлу!
— Дрывасек мог не пачуць… Вецер мог аднесці гук.
— Ну, а мы самі? — засупярэчыў Ардан. — Хіба мы не пачулі-б: ужо цэлую гадзіну ходзім…
— А калі мы прышлі вельмі позна? — сказаў Мастон у роспачы.
Ардан не знайшоў, што адказаць. Яго самога палохала гэтая думка.
— Аднак, няма чаго тут стаяць! Пойдзем зноў! Давай крычаць, клікаць іх па імёнах! — сказаў Ардан.
Але на крыкі іх не адказвалі ні Барбікен, ні капітан Ніколь. Між тым лес быў невялікі, і абодва прыяцелі хутка агледзелі большую палавіну яго. Нішто не напамінала аб прысутнасці ў ім Барбікена ці Ніколя. Ардан сам пачаў сумнявацца ў правільнасці слоў дрывасека і хацеў ужо кідаць бескарысныя пошукі ці, прынамсі, адпачыць, як раптам Мастон, дайшоўшы да адной паляны, прыпыніўся і ўхапіў Ардана за руку.
— Тсс! — прашаптаў ён. — Нехта там!..
— Хто?
— Мужчына! Ён стаіць. Стрэльбы ў яго няма.