— Што-ж ён там робіць? — запытальна шапнуў Мастон.
— Ты яго пазнаеш? — тым-жа шэптам запытаў Ардан. — Я блізарукі: кепска бачу…
— Так, так! Ён аглянуўся!
— Хто-ж хто?
— Капітан Ніколь.
— Ніколь! — усклікнуў Ардан і адчуў, што сэрца яго балюча сціснулася.
— Ніколь без зброі! Значыць, яму няма чаго ўжо баяцца свайго ворага!..
— Пойдзем да яго! — рашуча сказаў Ардан. — Прынамсі, будзем ведаць праўду!
Крыху прайшоўшы, яны спыніліся, каб лепш разгледзець капітана. Яны ўяўлялі сабе, што ўбачаць чалавека, задаволенага крывёю, святкуючага перамогу, але, угледзеўшыся ў яго, былі надзвычай здзіўлены.
Між двума вялікімі тульпанавымі дрэвамі было нацягнута сіло з густымі дробнымі петлямі, і ў гэтым сіле, са страшэнным піскам, білася, заблытаўшыся крыллямі, малюсенькая птушачка. Птушкалоў, паставіўшы гэта бязлітаснае сіло, быў не чалавек: гэта была справа атрутнага фларыдскага павука, велічынёю з галубінае яйцо і з вялікімі клюшнямі. Ён ужо бег па сілу да сваёй афяры…
Агіднае насякомае не паспела, аднак, укусіць і атруціць няшчасную птушку. Перад тым як падбегчы да яе, павук убачыў страшнага ворага і паспешна схаваўся ў высокім галлі дрэва.
Гэтым ворагам атрутнага павука быў не хто іншы, як капітан Ніколь. Паклаўшы стрэльбу на зямлю і забыўшы небяспечнасць свайго становішча, ён стараўся як мага асцярожней вызваліць