спружына!.. Ах, Мастон! — усклікнуў Барбікен. — І вы тут!
— Ён самы! — адказаў Ардан. — А, дарэчы, дазволь пазнаёміць цябе з капітанам Ніколем.
— Ніколь! — ускрыкнуў старшыня Пушачнага клуба, устаўшы адразу на ногі. — Прабачайце, капітан, — дадаў ён, — я зусім забыў… Цяпер я гатовы!
Ардан адразу-ж умяшаўся, каб не даць праціўнікам магчымасці гаварыць.
— Ліха на яго! Сапраўды, шчасце, што вы, панове, раней не сустрэліся! Давялося-б нам цяпер аплакваць смерць аднаго з вас… Але, дзякуй богу, усё добра. Цяпер я вам абодвум скажу: ну, якія-ж вы дуэлісты, якія ворагі? Адзін убачыў птушку ў павуціне — завязаў бойку з павуком, забыўшы ворага Барбікена, а другі, замест таго каб шукаць ворага і забіць яго, сеў каля дрэва рашаць задачы!.. Ну, скажыце, калі ласка, якія вы ворагі? Каму ваша варожасць патрэбна?
Затым, звярнуўшыся да Барбікена, ён расказаў яму, што рабіў Ніколь, калі яго заўважыў Мастон.
— Ну, яшчэ раз я ў вас абодвух пытаюся, — казаў далей Ардан, — няўжо вы абодва для таго створаны, каб прастрэліць адзін аднаму галовы?
Усё гэта было так нечакана і часткова так недарэчна, што і Барбікен і Ніколь проста разгубіліся, не ведаючы, як выйсці з такога становішча.
Мішэль Ардан зразумеў іх настрой і рашыў безадкладна іх памірыць.
— Прыяцелі мае, — сказаў ён з лепшай сваёй чароўнай усмешкай, — між вамі простае непаразуменне. Нічога больш! Вы даказалі, што не дры-