Старонка:З пушкі на Луну.pdf/198

Гэта старонка была вычытаная

— Нядоўга: адзін момант, а потым вада знікне.

— Знікне з металічнага ядра? — усклікнуў Ардан.

— Зараз зразумееш. Я сказаў, што слой вады будзе на метр. Але ён яшчэ будзе падзелены драўлянымі перагародкамі, — гарызантальна, ва ўсю шырыню, — на некалькі слаёў меншай таўшчыні. Ад кожнага слою будуць ісці трубы да верху ядра. Таму вось што будзе: штуршок ад стрэлу перадасца спачатку першаму, ніжняму, слою вады; гэту ваду прыцісне да першай перагародкі, якая адразу разаб’ецца, але, паколькі яна зробіць некаторае супраціўленне, — і галоўнае, наступіць супраціўленне астатніх вадзяных слаёў, — то ніжняя вада накіруецца па адкрытых трубах на вярхушку ядра. Таксама і другі слой вады разаб’е другую перагародку, але яго вада пацячэ па трубах наверх; тое-ж будзе з трэцяй і чацвертай перагародкамі. Такім чынам, вада сыграе ролю буфера — ідэальна моцнай і быстрай спружыны!

— Пачакай крыху! — спыніў Ардан. — А вада, якая пайшла на вярхушку? Яна-ж таксама ўдарыцца са страшэннай сілай аб вярхушку, а адтуль на ўсе «навакольныя прадметы»!

— Не. Гэта вада выльецца вон.

— Вон! Наш вагон будзе з адтулінамі! Дзе-ж яны? Іх не відаць.

— Паглядзі на самы верх ядра, куды ты хацеў пасадзіць флюгер у выглядзе саламандры. Бачыш на ім покрыўку? Яна складаецца з некалькіх слаёў таўсцейшай скуры, надзейна прымацаваных да цэлага раду спіральных спружын з лепшай сталі, валодаючых такой-жа пруг-