касцю, як гадзіннікавыя спружыны; іншымі сваімі канцамі спружыны, вядома, прымацаваны да ядра. Такім чынам, скураная покрыўка складае спружынавы клапан ці агульную спружынавую пробку для верхніх адтулін усіх труб. Вада хлыне, сваім напорам адкіне ўверх покрыўку, выльецца вон, а затым спружыны сціснуцца і зноў падцягнуць покрыўку да ядра.
— А калі вада зусім выб’е тваю пробку? Мы-ж тады загінем, не даляцеўшы да Луны!
— Усё можа здарыцца, — холадна адказаў Барбікен. — Але, здаецца, я ўсе ўмовы прыняў пад увагу, і мае вылічэнні правільныя. Покрыўка не адарвецца, і не ў гэтым труднасць задачы.
— А ў чым-жа? Калі шчасліва вылеціць вада і ўнясе з сабою амаль увесь штуршок, дык чаго-ж турбавацца?
— У тым вось і справа, што ўнясе «амаль увесь», але не «ўвесь» поўнасцю. Гэта застаўшаяся частка ўдару ўздзейнічае і на драўляны круг, круг павінен з велізарнай сілай адштурхнуцца назад на дно ядра, бо вады ўнізе ўжо не будзе. Праўда, круг мае надзвычай сільныя спружыны, і, перш чым упасці на дно ядра, ён павінен будзе паслядоўна сплюшчыць астатнія перагародкі; усё гэта значна аслабіць сілу «аддачы»… Аднак, — закончыў Барбікен з усмешкай, — і пры гэтых прыстасаваннях нас даволі моцна страсане.
— Нічога, няхай страсяне, — заключыў Мішэль Ардан са звычайнай бесклапотнасцю. — Ужо калі і пры такіх прыстасаваннях мы разаб’емся, то наш «матэрыял» нікуды не варты! А ў такім выпадку — туды яму і дарога!
У гэты час падышлі Ніколь і Мастон. Ім яшчэ раней Барбікен расказаў аб дэталях сваёй дасціп-