най вынаходкі. Абодва яны яе адобрылі. Аднак, у Ніколя ўзнікла адно сумненне, пра якое ён цяпер расказаў.
Пры разліку вагі ядра не была прынята пад увагу тая вада, якая ў яго ўведзена, — сказаў ён. — Між тым метравы слой вады, пры даным дыяметры снарада, важыць больш дваццаці тон. Ці не зменшыць гэта дадатковая вага першапачатковую скорасць ядра?
— Я пра гэта думаў, — адказаў Барбікен, — але ў нас ёсць лішак рухаючай сілы; напор парахавых газаў лёгка пераадолее гэту дадатковую вагу, якая будзе мець значэнне толькі на працягу секунды, калі не менш; ядро хутка набудзе зноў сваю нармальную вагу. Акрамя таго, каб ядро захавала нармальную вагу, у нашым камітэце вырашана было зрабіць бакавыя сценкі крыху танчэйшымі і, наадварот, дно таўсцейшым. Таму дно і забярэ на сябе ўвесь першапачатковы напор газаў, якія збяруцца пры ўзрыве піраксіліна.
— Гэта заўсёды робіцца ў цыліндра-канічных снарадах і нават у звычайных бомбах, — пацвердзіў Мастон.
Пасля гэтага прыяцелі пачалі ўнутраны агляд снарада.
У гэту металічную вежу можна было папасці толькі праз адтуліну, зробленую ў яе канічнай частцы. Адтуліна нагадвала сабою звычайныя люкі на палубе парахода, праз якія па стромкай лесніцы можна спусціцца да паравога катла. Адтуліна герметычна закрывалася пры дапамозе алюмініевай пласціны, старанна падагнанай да паверхні снарада і ўмацаванай з унутранага боку моцнымі вінтамі.