кісларод і ў той-жа час узбагачаецца вуглекіслатой — газам, не годным для дыхання.
Такім чынам, пытанне аб падтрыманні ўнутры ядра нармальнага саставу паветра зводзілася, — прымаючы пад увагу нязменнасць колькасці азота, — да таго, каб замяняць ужываемы кісларод такою-ж колькасцю новага і ўдаляць выдыхаемую вуглекіслату. Абедзве задачы лёгка вырашаліся з дапамогаю хларнавата-кіслага калія і едкага натра.
Хларнавата-кіслы калій, добра вядомы многім пад назвай берталетавай солі, прадстаўляе сабой вешчаство, якое складаецца з белых, бліскучых тонкіх пласцінак. Пры награванні да чатырохсот градусаў берталетавая соль выдзяляе свой кісларод і ператвараецца ў другую соль — хлорысты калій. Для атрымання трох кілограмаў кісларода, г. зн. той колькасці, якая неабходна была для сутачнага спажывання падарожнікаў, дастаткова ўзяць сем кілограмаў берталетавай солі, і таму лёгка было вылічыць патрэбны запас гэтай солі на ўсю дарогу.
Едкі натр — белае вешчаство, некалькі падобнае на воск. Яго захоўваюць у герметычна закупораных банках, таму што на паветры ён прагна паглынае вуглекіслату, якая заўсёды знаходзіцца ў атмасферы, хаця-б і ў нязначнай колькасці. Варта пабоўтаць на паветры адкрыты раствор едкага натра, і ён адразу паглынае вуглекіслату, якая разам з натрам утварае вугле-натравую соль, г. зн. усім вядомую соду. Таму можна было лічыць цалкам забяспечаным знішчэнне вуглекіслаты, якая павінна была выдзяляцца ў час дарогі як пры дыханні падарожнікаў, так і пры гарэнні газу.