— Сода спатрэбіцца для мыцця бялізны там, на Луне, — не сцярпеў сказаць Мішэль Ардан, — калі ў селенітаў не будзе мыла.
Такім чынам, адначасова здабываючы кісларод і ўдаляючы вуглекіслату, можна было падтрымліваць у паветры, унутры ядра, усе яго жыватворчыя ўласцівасці. Рэн’е і Рэзэ пацвердзілі гэта працяглымі доследамі, але яны праводзіліся толькі на жывёлах, і таму, не гледзячы на ўвесь аўтарытэт упамянутых вучоных, рызыкоўна было рабіць такі дослед над людзьмі і прытым пры немагчымасці своечасова мяняць яго абстаноўку.
Такі быў вывад, да якога аднагалосна прышлі на паседжанні камітэта.
— Вось што, — заявіў Мішэль Ардан. — Я зусім не жадаю пераконвацца ў дарозе, што спосаб Рэн’е і Рэзэ не вельмі ўдалы. Лепш паспрабую падыхаць іх паветрам тут, на Зямлі. Таму прапаную сябе, замест ката ці вавёркі, для спробы штучнага паветра!
— Рашуча пратэстую! — закрычаў Мастон. — Ты, мужны француз, яшчэ патрэбны тут, па-за снарадам. А мне няма чаго рабіць. Нарэшце, па ўсёй справядлівасці, трэба мне ўступіць. Вы яшчэ пабудзеце ў снарадзе, а мяне-ж не бярэце з сабою! Дайце-ж мне пажыць у ім хаця-б некалькі дзён!
Было-б несправядлівасцю адмовіць паважанаму сакратару Пушачнага клуба ў гэтай скромнай просьбе. Прапанова яго была аднагалосна прынята камітэтам.
Пачатак доследа быў прызначан на 12-е лістапада, а шостай гадзіне раніцы. У снарад занеслі дастатковую колькасць берталетавай солі, едкага натра, вады і харчоў. Мастона праводзілі яго