затым — пад назваю Андаў і Кардыльераў — цягнецца ўдоўж усяго заходняга берагу Паўднёвай Амерыкі, складае сабою Панамскі перашыек, расшыраецца ў Мексіцы і Злучаных Штатах і праходзіць цераз усю Паўночную Амерыку да берагоў Паўночнага Палярнага мора.
Скалістыя горы таксама не асабліва высокія: Швейцарскія Альпы, Каўказ і Гімалаі мелі-б права глядзець на іх «з вышыні свае вялікасці».
Сапраўды, вышэйшы пункт Скалістых гор дасягае толькі крыху больш трох кілометраў над узроўнем акіяна, як Манблан узвышаецца на 5 кілометраў, Эльбрус — на 6, Гаурызанкар, або Эверэст, у Гімалаях, — на 9 кілометраў. Але паколькі Пушачны клуб пастанавіў, каб яго абсерваторыя знаходзілася на зямлі Злучаных Штатаў, то прышлося выбіраць месца толькі між асобнымі вяршынямі Скалістых гор. Абрана была верхавіна Лонгспік у штаце Місуры.
Цяжка сабе ўявіць, як многа перашкод узнікла пры будаўніцтве абсерваторыі на Лонгспіку! Давялося падымаць на гару, вышэй лініі вечнага снегу, вялікае каменне, цяжкія драўляныя і жалезныя бэлькі і іншыя часткі для будаўніцтва велізарнай цыліндрычнай трубы тэлескопа і для будынкаў. Нялёгка было падвозіць гэтыя матэрыялы нават да нізу галоўнай вяршыні — пры адсутнасці пракладзеных дарог цераз пустынныя стэпы і непраходныя лясы, далёка ад заселеных цэнтраў; а калі давялося падымацца па самому піку, — цераз скалы, цераз шалёныя горныя патокі, цераз горы заваленага камення і расколіны лёду, — спатрэбілася ўся энергія амерыканскіх рабочых і ўся вынаходлівасць амерыканскіх інжынераў, каб давесці справу да шчаслівага канца.