падвозіў толькі па адной такой скрынцы. Такім чынам за агарожай Стонзхіла ніколі не было адначасова больш двух тон піраксіліна.
Скрынка адразу-ж пасля прыбыцця разгружалася босымі рабочымі; кожны цюк асцярожна пераносіўся да адтуліны калумбіяды; затым гэты цюк апускалі на дно калумбіяды лябёдкай, якая прыводзілася ў рух не паравой машынай, а чалавечымі рукамі. Мэта апошняй перасцярогі заключалася ў тым, каб унікнуць блізасці агню; былі патушаны не толькі паравыя машыны, але і ўсе агні на два кілометры вакол.
Неабходна было яшчэ засцерагчы масу піраксіліна ад дзеяння пякучых праменняў сонца, хаця і лістападаўскага. Таму працавалі толькі ўвечары і ўначы, пры халодным электрычным свячэнні, якое атрымлівалася ад дзеяння катушкі Румкорфа ў вельмі рэдкім газе; аднак, па сваёй яркасці гэтае святло, нават на дне калумбіяды, не ўступала дзённаму.
Цюкі ці патроны піраксіліна складваліся на дне пушкі ў строгім парадку і злучаліся адзін з адным пры дапамозе добра ізаляванага металічнага дроту; ад цэнтра кожнага патрона павінна была праскочыць электрычная іскра пры замыканні току ў цэнтральнай батарэі.
Стрэліць з калумбіяды можна было пры дапамозе электрычнага запальвання. Для гэтага дрот ад усіх патронаў злучаўся ў агульны провад, які на ўзроўні асновы снарада прасоўваўся праз адтуліну, прасвідраваную ў чыгуннай сцяне пушкі, а адтуль пранікаў у адну з адтулін, пакінутых у каменнай кладцы для выхаду газаў пры адліўцы калумбіяды. Падняўшыся па гэтай адтуліне да