жыць за імі, з запаленай цыгарай у зубах! Давялося зняць з пасады гэтага непапраўнага курыльшчыка і наладзіць за ім найстражэйшы нагляд. Але ўсё абышлося шчасліва: ніхто не ўзляцеў у паветра, і калумбіяду зарадзілі піраксілінам без усякай катастрофы.
Трэцяму закладу капітана Ніколя пагражаў лёс першых двух, але ўсё-ж ён не быў яшчэ праігран: заставалася яшчэ апусціць велізарны снарад на ўкладзеныя слаі баваўнянага пораху.
Перш чым прыступіць да гэтай апошняй аперацыі, трэба было размясціць у вагоне рэчы, неабходныя ў дарозе. Рэчаў набралася вельмі многа, а калі-б далі волю Ардану, то не засталося-б месца для саміх падарожнікаў. Нельга сабе ўявіць усю колькасць рэчаў, якія поўны захаплення француз купіў і збіраўся ўзяць з сабою на Луну: гэта была цэлая выстаўка бездзялушак ці, ва ўсякім разе, прадметаў, зусім бескарысных для такога падарожжа. Давялося Барбікену ўмяшацца і скараціць амаль што ўсе вымудры Ардана.
З фізічных і астранамічных прыбораў падарожнікі ўзялі з сабою толькі некалькі тэрмометраў, барометраў і падзорных труб; іх паклалі ў спецыяльна зроблены чамадан.
Каб назіраць за Луной у час палёту, а таксама для падарожжа па яе паверхні, спадарожнікі бралі з сабою выдатную карту — вядомую „Mappa selenographica“ (Лунная карта) Бэра і Мэдлера, — надрукаваную на чатырох лістах і якую справядліва лічаць шэдэўрам назіральнага мастацтва і працавітасці гэтых паважаных астраномаў.
Гэта карта аднаўляла з дзіўнай дакладнасцю ўсе