Старонка:З пушкі на Луну.pdf/225

Гэта старонка была вычытаная

шыні Пушачнага клуба пачку крэдытных білетаў на тры тысячы далараў, кошт яго трэцяга заклада.

Барбікен спрабаваў адмовіцца ад гэтых грошай, даводзячы, што цяпер ён ужо не сапернік Ніколя, а спадарожнік і таварыш; але прышлося уступіць упартаму капітану.

— Я жадаю выканаць усе абавязацельствы, якія заключыў на Зямлі, — рашуча заявіў Ніколь, — тым больш, што я з ёю развітваюся.

— У такім разе, мой дарагі капітан, застаецца толькі вам яшчэ чаго-небудзь пажадаць! — усклікнуў Мішэль Ардан.

— Чаго-ж іменна?

— А таго, каб вы праігралі і астатнія свае два заклады!.. Тады не будзе прыпынку на шляху!


РАЗДЗЕЛ ХХV

Стрэл

Настаў першы дзень снежня, дзень надзвычайны, у які павінен быў адбыцца стрэл калумбіяды. Калі-б у гэты самы дзень і роўна ў 10 гадзін 46 мінут і 40 секунд вечара не стрэлілі, Пушачнаму клубу прышлося-б чакаць цэлых восемнаццаць гадоў, каб паўтарыліся тыя-ж спрыяльныя для стрэлу ўмовы, г. зн. каб супадзенне ў часе праходжання Луны цераз свой перыгей і цераз зеніт месца.

Надвор’е было цудоўнае. Не гледзячы на блізкасць астранамічнай зімы[1], сонца ярка свяціла, заліваючы хвалямі святла і цяпла тую самую Зямлю,

  1. Г. зн. 22 снежня.