пад нязмоўчны канцэрт розных выклікаў і выгукаў.
Але ў дзень першага снежня гэтых выгукаў амаль не было. Гандляры напіткамі дарэмна асіплі-б, прапануючы свой тавар са звычайнай энергіяй, — усе елі дрэнна і мала, яшчэ менш пілі; многія забылі амаль да самага вечара аб сваім звычайным «ленчы» (снеданні). І — што для амерыканскай публікі яшчэ больш характэрна — хваляванне і цікаўнасць узялі верх над прыроднай страсцю да карт і іншых гульняў. Кеглі ляжалі на зямлі, ігральныя косці ў сваіх стаканчыках, калоды карт, на якія заўсёды быў вялікі попыт для гульні ў віст, «дваццаць адно», «монтэ» і «фаро», — нават не распакоўваліся. Кожнаму было зразумела, што ў гэты выдатны дзень — не да гульні і забаў: думкі аб надыходзячым стрэле зусім адцягнулі ўвагу ад будзённых інтарэсаў.
Увесь дзень, да самага вечара, у натоўпе ўзрастала глухое хваляванне, якое заўсёды бывае пры чаканні надыходзячай буйнай падзеі. Усіх прыгнятала цяжкое пачуцце, хваравіта сціскаўшае сэрца. Кожны вельмі хацеў, толькі аб тым і думаў, каб «усё гэта» хутчэй скончылася…
Аднак, к сямі гадзінам цяжкая ціша раптоўна знікла. Над гарызонтам узышла поўная Луна. Зычным працяглым «ура» — з мільённых вуснаў — сустрэлі яе з’яўленне. Луна акуратна, хвіліна ў хвіліну, з’явілася на прадсказанае спатканне. Доўга з усіх бакоў не сціхалі поўныя захаплення крыкі і воплескі. У адказ на іх ціхая спадарожніца Зямлі спакойна ззяла на дзіўным паўднёвым небе, ласкаючы пяшчотным святлом натоўп, нібы ап’яняючы яго прыветлівымі праменнямі.