Стонзхільскі звон празваніў дзесяць гадзін. Для падарожнікаў настаў час «заняць месца» ў бомбе-вагоне, бо на апусканне на дно калумбіяды, завінчванне дзверцы снарада і зняцце пад’ёмнай машыны, пастаўленай каля жэрала пушкі, павінен быў пайсці пэўны, раней разлічаны час.
Барбікен паставіў свой хранометр з дакладнасцю да дзесятай долі секунды па хранометру Мерчызона, на якога выпаў абавязак замкнуць ток электрычнага запальвання для стрэлу. Такім чынам падарожнікі атрымалі магчымасць сачыць унутры завінчанага ядра за роўнадушнай стрэлкай, якая павінна была вызначыць апошні момант іх прабывання на Зямлі.
Надышла хвіліна апошняга развітання. Яна атрымалася вельмі чуллівай, не гледзячы на ўвесь спакой і адвагу падарожнікаў і іх прыяцеляў. Зухаватая вясёласць Ардана не перашкодзіла яму адчуць сябе ўсхваляваным да глыбіні душы; у Мастона, які забыў нават, калі яму апошні раз даводзілася плакаць, знайшлася пад яго старымі, сухімі расніцамі сляза, якая нібы захоўвалася доўгія гады для гэтага незвычайнага выпадку. І гэтая сляза Мастона скацілася на лоб яго любімага, лепшага старшыні…
— А што, ці не сесці і мне з вамі? — шапнуў ён яму з просьбаю ў голасе. — Ёсць яшчэ час…
— Немагчыма, браце! — адказаў Барбікен.
Праз некалькі хвілін Ардан, Барбікен і Ніколь былі ўжо ў снарадзе і завінчвалі яго дзверцы знутры; у той-жа час зверху паспешна прымалі пад’ёмную машыну і рыштаванні, закрываючы жэрала пушкі. Хутка жэрала калумбіяды, вызвале-