нае ад апошніх ланцугоў, вольна глядзела прама ў неба на яго зеніт.
Хто мог-бы перадаць хваляванне масы гледачоў? Яно дайшло да вышэйшай ступені.
Луна плыла па празрыста-чыстым небе, гасячы сваім ясным святлом мірганне бліжэйшых зор; яна знаходзілася ў сузор’і Блізняцоў, амаль на аднолькавай адлегласці між гарызонтам і зенітам.
Кожны разумеў, што не туды павінен быць накіраваны прыцэл калумбіяды, а далей, уперадзе яе шляху, — усёроўна як у бягучага звера цэляцца не прама, а ў нейкую кропку ўперадзе яго. Праз 97 гадзін Луна павінна была дайсці да зеніта; столькі-ж часу павінен быў ляцець снарад прама на зеніт.
Ніводнага подыху ветрыка, ніводнага слова з мільёнаў вуснаў. Кожны затаіў дыханне, кожны нібы імкнуўся затрымаць біццё свайго сэрца. Позіркі былі прыкаваны да страшнага жэрала калумбіяды…
Мерчызон глядзеў не туды. Ён напружана сачыў за стрэлкамі свайго хранометра.
Да стрэлу заставалася сорак секунд. Кожная з іх пачала здавацца доўгім «цяжкім прамежкам».
На дваццатай секундзе натоўп здрыгануўся. Многім прышло ў галаву, што і там, унутры завінчанага снарада, над нязмернай выбуховай масай піраксіліна, адважныя героі таксама лічаць гэтыя страшныя секунды…
З натоўпу пачалі вырывацца асобныя выгукі.
— Трыццаць пяць! Трыццаць шэсць! Трыццаць сем! Трыццаць восем! Трыццаць дзевяць! Сорак! Плі!!!