Старонка:З пушкі на Луну.pdf/234

Гэта старонка была вычытаная

Мерчызон націснуў кнопку электрычнага запалу.

Страшэнны, неймаверны гук! Немагчыма перадаць яго сілу, яго жах — ён мацнейшы быў за самыя страшныя навальнічныя ўдары, нават за грукат самага страшэннага вулканічнага вывяржэння. Гэта было нешта нечуванае. З нетраў зямлі ўзвіўся велізарны сноп полымя, нібы з кратэра вулкана. Зямля здрыганулася, глеба прыўзнялася, і напэўна нямногія гледачы маглі на момант убачыць снарад, які пераможна праразаў паветра.


РАЗДЗЕЛ ХХVІ

Зацягнутае неба

Калі з калумбіяды разам з ядром вырваўся непамерны сноп полымя, ён асвятліў усю Фларыду, а ў Стонзхільскім стэпе, на вялікую адлегласць ноч на момант стала днём. Вогненны слуп — дакладней вогненны парасон — бачылі ў Атлантычным акіяне і ў Мексіканскім заліве на адлегласці больш паўтараста кілометраў. Многія капітаны суднаў запісалі ў свае дарожныя журналы з’яўленне велізнага метэора.

Стрэл калумбіяды суправаджаўся сапраўдным страсеннем глебы па ўсёй Фларыдзе. Піраксілінавыя газы, якія вырваліся з жэрала гіганцкай пушкі, з незвычайнай сілай пахіснулі ніжнія слаі атмасферы, і гэты штучны ўраган пранёсся каласальным смерчам з хуткасцю, у шмат разоў перавышаючай хуткасць самага заўзятага цыклона.

Ніводзін глядач не ўтрымаўся на нагах: дзеці, жанчыны, мужчыны — усе паваліліся на зямлю, як калоссе, паваленае бурай. Стварылася невыабра-