Старонка:З пушкі на Луну.pdf/240

Гэта старонка была вычытаная

для назіранняў, у якіх была яна 1 снежня і ў бліжэйшыя да яго дні.

Газеты друкавалі ўсе гэтыя даныя і дадавалі да іх тысячы розных меркаванняў і здагадак, не ўтойваючы перад амерыканскай публікай, што ёй прыдзецца набрацца цярплівасці, каб дачакацца якіх-небудзь вестак аб лёсе ядра калумбіяды.

8-га снежня — неба па-ранейшаму ў воблаках. 9-га паказалася было Сонца, але праз некалькі мінут, нібы здзекуючыся з грамадзян Злучаных Штатаў, зноў схавалася за густымі хмарамі. Яго праводзілі крыкамі і лаянкаю.

10-га снежня — зноў без перамен. Паважаны Мастон — ужо на Лонгспіку — ледзь не звар’яцеў ад гора. Прыяцелі пачалі вельмі баяцца за яго мозг, які, як да гэтага часу здавалася, добра захаваўся ў яго штучным, гутаперчавым чэрапе.

Але 11-га снежня разбушаваўся адзін з тых жахлівых ураганаў, якія ўласцівы трапічным краінам. Мацнейшым усходнім ветрам разагнала хмары, згруджаныя над большай палавінай Злучаных Штатаў, і к вечару, сярод сузор’яў неба, велічна ўзышло свяціла ночы, але ўжо з убывайннем, на палавіну яго дыска.


РАЗДЗЕЛ ХХVІІ

Новае свяціла

У гэтую-ж ноч праляцела даўно жаданая, поўная жыцця вестка з Лонгспіка па ўсіх Злучаных Штатах, а затым перакінулася па атлантычнаму кабелю і тэлеграфнаму дроту ва ўсе культурныя цэнтры зямнога шара.

Вестка гэтая ўразіла грамадскую думку, нібы маланка.