Старонка:З пушкі на Луну.pdf/243

Гэта старонка была вычытаная

каласальнай трубы — адзіным для яго светам. Як толькі Луна паказвалася каля гарызонта, ён адразу ўключаў яе ў поле зроку тэлескопа, ні на хвіліну не спускаючы яе з вачэй, напружана сочачы за яе рухамі ў асяроддзі нябесных сузор’яў. З нязменнай, дзіўнай цярплівасцю чакаў ён «праходжання» ядра спадарожніка цераз лунны дыск, і сапраўды можна сказаць, што Мастон меў пастаянную сувязь — хаця-б толькі астранамічную, — з яго трыма прыяцелямі. Разумеецца, ён шчыра верыў, што яны шчасліва вернуцца на зямлю.

— Мы спачатку наладзім сігналізацыю, перапіску з імі, — заўсёды гаварыў ён усім, хто хацеў яго слухаць. — Наладзім абавязкова, як толькі акалічнасці дазволяць. Атрымаем ад іх навіны і перашлём ім свае. Я іх ведаю, гэта людзі вынаходлівыя, прама сказаць — геніяльныя. Яны ўзялі з сабою не толькі паветра і харчы, але і ўсе багацці мастацтва і ведаў. А з такімі багаццямі можна дасягнуць усяго. Успомніце маё слова: яны выберуцца з свайго становішча — яны вернуцца да нас на Зямлю.