— Ну, дарагія прыяцелі, — сказаў Ардан, — цяпер вы, калі ласка, не цырамоньцеся і будзьце як дома. Я выдатна гаспадарнічаю. Перш за ўсё трэба як можна выгодней і ўтульней размясціцца ў нашай новай кватэры. Я знаходжу, што ў нас цемнавата. Але-ж нездарма вынайдзен газ. Скарыстаем добрадзейную вынаходку!
З гэтымі словамі бесклапотны француз чыркнуў запалкай аб падашву свайго бота[1]; агеньчык успыхнуў, і ён паднёс яго да ражка, дзе знаходзіўся свяцільны газ.
Газ загарэўся.
Ядро асвятлілася, і пасажыры ўбачылі камфартабельны пакойчык, з прыгожымі аксамітнымі шпалерамі і круглымі канапамі.
Усе прадметы, якія тут знаходзіліся, — зброя, пасуда, інструменты, — былі шчыльна прыгнаны да зробленых для іх месц і пракладзены ватай, так што маглі вытрымаць самае сільнае страсенне.
Мішэль Ардан акуратна ўсё агледзеў і аб’явіў, што вельмі здаволены сваім новым памяшканнем.
— Праўда, гэта турма, — сказаў ён, — але турма рухомая, падарожнічаючая, і калі-б мне яшчэ можна было глядзець у акенца, дык я, напэўна, ахвотна згадзіўся-б хоць сто гадоў насіцца такім манерам у сусветнай прасторы. Каб заключыў хто-небудзь са мною такую ўмову, я падпісаў-бы кантракт без усякіх сумненняў і ваганняў… сапраўды! Ты чаго ўсміхаешся, Барбікен, га? Ты можа, думаеш, што гэты снарад будзе нашай труной? Ну што-ж! Труной, дык труной!
- ↑ Запалкі ранейшага ўзору (так званыя фосфарныя) запальваліся ад трэння аб усякую шурпатую паверхню.