Старонка:З пушкі на Луну.pdf/249

Гэта старонка была вычытаная

даволі часу для розных абмеркаванняў у часе пералёту, цяпер лепш было-б заняцца ад’ездам.

— Хіба не ўсё гатова?

— Разумеецца, усё гатова, але неабходна ўжыць яшчэ некаторыя меры перасцярогі, каб аслабіць, наколькі магчыма, першы штуршок.

— Ды хіба ты забыў пра сваю ваду між перагародкамі? Яе пругкасць забяспечыць нас ад усякага штуршка.

— Спадзяюся, што забяспечыць, Мішэль, — мякка і ціха даказваў яму Барбікен. — Спадзяюся, але не ўпэўнен.

— Што? Не ўпэўнен? Які гусак! Ах, забаўнік! Ён «спадзяецца»! Ён не ўпэўнен! І гэта ён чакаў, пакуль нас закупораць, каб парадаваць такой вестачкай! Я патрабую, каб мяне зараз-жа выпусцілі з гэтай пасткі!

— Ды як-жа цяпер цябе выпускаць? — запытаў Барбікен.

— Праўда, яно цяпер, вядома, цяжкавата. Мы ў вагоне, і праз дваццаць чатыры мінуты свісне кандуктар.

— Праз дваццаць, — паправіў Ніколь.

Некалькі імгненняў падарожнікі глядзелі адзін на аднаго; затым агледзелі ўсе свае рэчы.

— Усё як след, — сказаў Барбікен, — усё на сваім месцы. Ну, цяпер трэба вырашыць, як-бы лепш размясціцца, каб лягчэй вытрымаць штуршок ад стрэлу. Якое палажэнне выгадней прыняць? Перш за ўсё трэба прыняць меры, каб кроў не вельмі сільна ўдарыла ў галаву.

— Цалкам згаджаюся са справядлівай заўвагай, — сказаў Ніколь.

— Дык станем дагары нагамі, як клоўны ў цырку! Так будзе выдатна, — ускрыкнуў Ардан.