Як толькі ядро асвятлілася, Ардан нахіліўся над сваімі таварышамі.
Яны ляжалі адзін на адным і здаваліся зусім амярцвелымі. Ніколь ляжаў наверсе, Барбікен знізу.
Ардан падняў капітана, прысланіў яго да канапы і пачаў расціраць што ёсць сілы.
Ад умелага і шчырага расцірання Ніколь апрытомнеў.
Ён расплюшчыў вочы, а як толькі расплюшчыў вочы, да яго адразу вярнулася спакойнасць.
Ён ухапіў Ардана за руку, паціснуў яе і, аглядаючыся навокал, запытаў:
— А Барбікен?
— Кожнаму свая чарга, — адказваў Ардан. — Я пачаў з цябе, таму што ты ляжаў наверсе, а вось цяпер возьмемся за Барбікена.
Яны разам паднялі старшыню Пушачнага клуба і паклалі яго на канапу.
Барбікен, відаць, пацярпеў куды больш за сваіх таварышоў. Ён быў у крыві.
Але, на шчасце, аказалася, што кровецячэнне не вельмі вялікае; на плячы была маленькая драпіна.
Ніколь тут-жа старанна абмыў і перавязаў гэту драпіну.
Не гледзячы, аднак, на догляд за ім, Барбікен доўга не мог апрытомнець.
— Ён дыхае, — сказаў Ніколь, прыкладаючы руку да грудзей Барбікена.
— Так, — адказаў Ардан, — дыхае, як чалавек, які крыху прызвычаіўся да гэтага штодзённага працэса. Тры яго, тры — а можа апрытомнее!
І абодва пачалі так старанна церці, што Барбікен, нарэшце, апрытомнеў.