— Так, з намі цяпер цяжкавата зраўняцца, — сказаў Ніколь і паглядзеў на свой хранометр.
— Цяпер адзінаццаць гадзін, — дадаў ён. — Мы развіталіся з Амерыкай толькі трынаццаць мінут таму назад.
— Усяго толькі трынаццаць? — запытаў Барбікен.
— Так, трынаццаць, — пацвердзіў Ніколь. — Значыцца, калі-б не змянялася наша пачатковая скорасць, мы праляталі-б па сорак тысяч кілометраў за гадзіну.
— Усё гэта вельмі добра, безумоўна, — сказаў Барбікен, — але чаму мы не чулі стрэлу калумбіяды?
На гэта ніхто не мог даць станоўчага адказу, і гутарка спынілася.
Барбікен пачаў абмацваць і апускаць стаўню другога бакавога акна.
Гэта аперацыя ўдалася яму як нельга лепш: у адчыненае акно заструменілася луннае свято і ярка асвятліла ўнутранасць ядра.
Эканомны Ніколь адразу-ж патушыў газ, які, да таго-ж, пры лунным асвятленні, толькі перашкаджаў назіранню міжпланетных прастораў.
Лунны дыск ззяў незвычайна ярка.
Праменні, якія ўжо не затрымліваліся туманнай атмасферай зямнога шара, струменіліся праз акно і залівалі ўнутранасць ядра срабрыстымі адсветамі. Чорны колер неба падвайваў яркасць Луны, і Луна ў гэтай пустаце, дзе не рассейвалася святло, не зацмявала суседнія зоры. Неба тут прадстаўляла зусім асаблівае, невыабражальнае для зямнога жыхара відовішча.
Зразумела, што нашы падарожнікі з асаблівай цікавасцю глядзелі на свяціла ночы, да якога імкнуліся.