Спадарожнік Зямлі непрыкметна набліжаўся да зеніта, г. зн. да кропкі, якую яму належала дасягнуць пасля 96 гадзін палёту.
Горы, раўніны, усе абрысы спадарожнікам здаваліся не большымі, чым з любога пункта Зямлі, але ў пустой прасторы святло яго разлівалася з дзіўнай, незвычайнай яснасцю. Дыск зіхацеў, нібы платынавае люстра.
Зямлі ўжо зусім не было відаць. Зямля знікла.
Капітан Ніколь першы ўспомніў аб знікнуўшай радзіме.
— Так, так, — ускрыкнуў Ардан. — Цяпер Зямля знікае, і варта падзякаваць ёй за ўсё дабро апошнімі поглядамі. Паглядзім на Зямлю!
Барбікен ахвотна згадзіўся выканаць жаданне таварыша і пачаў спрытна ачышчаць акно на дне ядра, з якога можна было глядзець на Зямлю.
Перасоўны дыск, на якім яны пры ўзлёце ядра ляжалі і які быў рухам прыціснуты да самага дна, разабралі не без цяжкасці. Часткі яго акуратна паставілі каля сценак, — яны маглі яшчэ спатрэбіцца.
Нарэшце, унізе ядра знайшлі акно з надзвычай тоўстым шклом. Мішэль Ардан стаў перад гэтым акном на калені.
Акно было цёмнае, нібы задымленае.
— Ну што-ж? Ну дзе-ж? — ускрыкнуў ён. — Дзе Зямля?
— Зямля? — сказаў Барбікен. — Ды вось Зямля!
— Гэта? Вось гэта вузенькая палоска? Гэты срабрысты сярпок?
— Зразумела, Мішэль. Праз чатыры дні будзе поўнік, і, калі мы заляцім на Луну, Зямля здасца зусім іншай. Цяпер мы бачым яе ў выглядзе расцягнутага сярпа. Гэты серп таксама хутка