Ды і дзе, скажыце, можна было знайсці больш ціхае і спакойнае месца для сну і адпачынку? На Зямлі ўсе гарадскія дамы, усе вясковыя хаціны ўсё-ж больш ці менш адчуваюць страсенні, якія толькі магчымы на паверхні зямнога шара. На моры карабль носіцца на хвалях, і яго бесперапынна трасе і зыбае. У паветры аэрастат заўсёды гойдаецца на атмасферных слаях рознай шчыльнасці.
Толькі гэты снарад, які ляцеў у абсалютнай пустаце, сярод поўнай цішы, мог даць сваім жыхарам паўнейшы спакой.
Сон нашых падарожнікаў працягваўся-б можа бясконца, калі-б раптоўны шум не абудзіў іх у сем гадзін раніцы 2 снежня, роўна праз восем гадзін пасля іх вылету.
— Што гэта? Брэх? — запытаў Мішэль Ардан, праціраючы вочы. — Гэта нашы сабакі!
— Яны, пэўна, прагаладаліся, — заўважыў Ніколь.
— Час прагаладацца! Мы пра іх зусім забылі…
— Дзе-ж яны? — запытаў Барбікен.
Усе ўтраіх пачалі шукаць і аднаго сабаку знайшлі пад канапай.
Першы штуршок так ашаламіў яго, што ён ляжаў у кутку да таго часу, пакуль голад не прымусіў яго забрахаць.
Рахманая Дыяна, здаючыся на просьбы, сарамліва выпаўзала паволі са свайго логава.
Ардан клікаў яго самымі ласкавымі словамі.
— Дыяначка, Дыяна, мілая! — гаварыў ён, — ідзі сюды, мая дарагая! Ідзі, мілае маё дзіця, мая прыгожая! Ідзі сюды, о ты, чый лёс адзначаны ў летапісах! Ідзі сюды, Дыяначка, ідзі сюды, мая радасць!