Старонка:З пушкі на Луну.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

камерсанты, дробныя гандляры, насільшчыкі, адукаваныя развітыя людзі не менш, чым усякія прастакі, адчувалі сябе ўзрушанымі да глыбіні душы: гутарка ішла аб усенароднай, нацыянальнай справе! Таму і ў «верхнім» горадзе, і ў «ніжнім», і на ўзбярэжжы ракі, і на караблях, каля прыстані, натоўп п’янеў ад радасці, джыну і віскі. Усе гаварылі прамовы, абмяркоўвалі, спрачаліся і, вядома, выхвалялі Барбікена і яго праект, пачынаючы з джэнтльменаў, што разваліліся на канапах раскошных бар-румаў і пілі са сваіх кубкаў шэры-коблер, і канчаючы матросамі, чорнарабочымі, ап’янеўшымі ад страшнага пітва ў цёмных тавернах Фелс-Пойнта!

Толькі к двум гадзінам ночы ўляглося хваляванне ў горадзе. Барбікену ўдалося вярнуцца дамоў. Ён адчуваў сябе разбітым, нібы паламаным; сам Геркулес знямог-бы ад такога гора.

Вулічны натоўп хутка радзеў. Начныя паязды з чатырох ліній — Огайо, Сускеганы, Філадэльфіі і Вашынгтона — якія скрыжоўваюцца ў Балтыморы, хутка разабралі іншагародніх гасцей, і ў горадзе настаў, урэшце, параўнальны спакой.

Між іншым, было-б памылкай думаць, што ў гэты памятны вечар хвалявалася адна Балтымора. Усе буйныя гарады Злучаных Штатаў: Н’ю-Йорк, Бастон, Вашынгтон, Рычмонд, Крэшэнт-Сіці, Сан-Францыско, Чарльстоун, Мобіль, — усе вялікія паселішчы, ад Техаса да Масачузетса і ад Мічыгана да Фларыды, прынялі ўдзел у агульнай гарачцы; ды гэта зразумела, таму што трыццаць тысяч іншагародніх членаў-карэспандэнтаў Пушачнага клуба своечасова атрымалі позву прэзідэнта і з нецярплівасцю чакалі тэлеграфных вестак аб