з прычыны сваёй вагі, і бедная Дыяна раней за сваіх гаспадароў павінна была выпрабаваць дзеянне гэтага газу.
Ніколь паспяшаўся выправіць памылку. Ён адразу расставіў на дне ядра некалькі пасудзін з растворам едкага калія, — вешчаство, якое можа паглынуць усю вуглекіслату і ачысціць паветра.
Пасля гэтага агледзелі інструменты. За выключэннем аднаго тэрмометра, у якога пабілася шкло, усе тэрмометры і барометры былі цэлыя. Дасталі выдатны металічны барометр (анероід) з скрынкі і павесілі на сцяну. Ён паказваў ціск паветра ўнутры ядра, але забяспечаны быў яшчэ вымяральнікам вільготнасці, паказваючым колькасць вадзяной пары, якая знаходзілася ў ядры.
У даную хвіліну яго стрэлка хісталася між 755 і 760 міліметрамі.
Компасы, якія ўзяў з сабою Барбікен, таксама былі цэлыя і спраўныя. Унутры снарада іх стрэлка, зразумела, блукала, не маючы ніякага пэўнага напрамку. На той адлегласці ад Зямлі, на якой знаходзіўся снарад, магнітны полюс не мог мець адчувальнага ўплыву на апарат. Але, завезеныя на Луну, гэтыя компасы маглі служыць для вельмі цікавых назіранняў.
Таксама агледзелі і гіпсометр для вымервання вышыні лунных гор, і секстант для вызначэння вышыні сонца, і вугламер, і падзорныя трубы, якія павінны былі адыгрываць вельмі важную ролю з набліжэннем да Луны. Усе яны аказаліся спраўнымі.
Рабочыя прылады — кіркі, лапаткі і іншыя, — якія ўзяў з сабою Ніколь, рознае насенне і дрэўцы, якія Ардан задумаў перанесці на лунную глебу, —