Відаць была даволі цёмная пляма, яна нібы разрывала неба і была акружана срабрыстым беражком: гэта была Зямля.
Далей, сям-там відаць былі туманныя масы, як быццам вялізныя камякі зорнага снегу, і велічэзны пояс, утвораны пылам зор, — Млечны шлях.
Назіральнікі доўга не маглі адарваць вачэй ад відовішча, такога новага, такога захапляючага! Колькі думак, колькі новых адчуванняў навеяла гэта дзіўная карціна!..
Барбікен пад уражаннем усяго гэтага задумаў пачаць апісанне свайго падарожжа; ён адзначаў гадзіну за гадзінай усе факты. Ён пісаў непаспешна, спакойна, буйным чатырохвугольным почыркам і некалькі камерцыйнай мовай.
Ніколь тым часам праглядаў свае вылічэнні; ён з незвычайнай спрытнасцю распараджаўся лічбамі.
Ардан пачынаў гутарку то з Барбікенам, які яго не слухаў, то з Ніколем, які яму не адказваў, то з Дыянай, якая зусім не разумела яго тэорыі, або, урэшце, гутарыў сам з сабою, задаваў сабе пытанні, адказваў на іх, круціўся, шмыгаў то туды, то сюды, то прысядаў на кортачкі перад ніжняй рамай, то лез на самы верх снарада — і ва ўсіх гэтых палажэннях няўмоўкаючы спяваў.
Недарма-ж ён быў француз.
Дзень, ці, праўдзівей кажучы, 12-гадзінны перыяд, які складаў дзень на Зямлі, закончыўся майстэрскі згатаванай вячэрай.
Нішто не парушала спакою падарожнікаў, і яны ціха заснулі.
А снарад, з усё меншай скорасцю, нёсся па нябеснаму шляху.