Старонка:З пушкі на Луну.pdf/277

Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ІV

Крыху алгебры

Ноч праспалі без усякіх прыгод. Уласна кажучы, слова «ноч» не магло быць тут ужыта ў тым сэнсе, як яго наогул разумеюць, бо снарад ані не змяніў свайго палажэння адносна Сонца. Лічачы час астранамічна, у ніжнім акне ядра быў дзень, у верхнім — ноч. Таму ў далейшым, калі ў апавяданні прыдзецца ўжываць словы «дзень» і «ноч», трэба разумець іх як тэрміны, азначаючыя час ад усходу да захаду і ад захаду да ўсходу Сонца на Зямлі.

Нішто не парушыла салодкага сну нашых падарожнікаў, бо іх жыллё, не гледзячы на вялізную скорасць руху, здавалася зусім нерухомым. Ніякае страсенне не выяўляла яго руху ў прасторы.

Рух, з якой-бы скорасцю ён не адбываўся, не робіць ніякага ўражання на чалавека, калі чалавек рухаецца разам з усімі акружаючымі яго прадметамі. Каму з нас даводзілася заўважаць, напрыклад, рух Зямлі, а яна-ж рухаецца, — ды яшчэ як! — са скорасцю больш 100 000 кілометраў у гадзіну.

Барбікен і абодва яго таварышы, якія спакойна размясціліся на сваіх матрасах, зусім не адчувалі руху ядра і спалі беспрасыпным сном.

Мішэль Ардан устаў першым. Калі ён ускарабкаўся наверх і пачаў зачыняць адну са сваіх таямнічых скрынак, раптам нехта закукарэкаў.

Ніколь і Барбікен прачнуліся.

— Певень! — ускрыкнуў Ніколь.

— Супакойцеся, сябры мае! — жвава адказаў Мішэль. — Гэта мне захацелася забавіць вас вясковай музыкай.