— А па вылічэнню Кембрыджскай абсерваторыі выходзіла, што дастаткова скорасці ў адзінаццаць тысяч метраў, каб ядро даляцела… І мы вылецелі з калумбіяды іменна з гэтай скорасцю!
— Што-ж з таго?.. — запытаў Ніколь.
— Тое, што скорасць была недастатковай!
— Гэта правільна.
— Мы, значыцца, не даляцім да таго пункта, адкуль Луна можа нас прыцягнуць!..
— Гэта страшна!
— Нам не даляцець нават да палавіны шляху!
— Пракляты снарад! — загаласіў Мішэль Ардан, нібы снарад праз якіх-небудзь некалькі хвілін павінен быў грукнуцца аб Зямлю…
— Так, хутка мы вернемся на Зямлю…
— Так! — сказаў пасля хвіліны агульнага маўчання Барбікен, — мы павінны ўпасці на Зямлю…
РАЗДЗЕЛ V
Пахаванне Спутніка
Рэзультат вылічэнняў, як гром, аглушыў нашых падарожнікаў. Каму магла-б прыйсці ў галаву думка аб такой памылцы? Прэзідэнт усё яшчэ не хацеў верыць гэтаму.
Ніколь зноў перагледзеў усе свае вылічэнні — памылкі не знайшоў. У правільнасці формулы, па якой рабілася вылічэнне, сумнявацца было немагчыма.
Пасля паўторнай праверкі аказалася, што для дасягнення жаданага пункта, сапраўды, трэба было даць снараду пачатковую скорасць у 16 576 метраў, у іншым выпадку ён не можа даляцець да Луны.