Усе ўтраіх, не гаворачы ні слова, толькі пераглядаліся. Аб снеданні ніхто і не думаў. Барбікен, насупіўшыся, са сцятымі зубамі і з канвульсійна сціснутымі ў кулакі рукамі, думаў аб нечым, гледзячы ў акно. Ніколь у роспачы дзесяты раз правяраў усе свае лічбы.
— Вось вашы вучоныя! Усё ў іх так выходзіць! — мармытаў Мішэль Ардан. — Дваццаць залатых даў-бы, каб упасці цяпер на Кембрыджскую абсерваторыю і папрыціснуць рэбры тым, хто ў ёй засядае.
— Дзіўна, — сказаў капітан, звяртаючыся да Барбікена і, відаць, заняты неадчэпнай думкай, — па хранометру цяпер сем гадзін; значыцца, мы ляцім трыццаць дзве гадзіны; больш паловы шляху мы ўжо праляцелі і, як мне здаецца, яшчэ не падаем.
Барбікен не адказаў ні слова. Ён пранікліва паглядзеў на капітана, схапіў інструмент, якім звычайна вымяраў вуглавую велічыню дыяметра Зямлі, і праз ніжняе акно зрабіў дакладнае назіранне. Устаўшы і абцёршы лоб, на якім ад стараннасці выступілі кроплі поту, ён пачаў рабіць нейкія вылічэнні па паперы. Ніколь са страхам глядзеў на яго: ён здагадаўся, што прэзідэнт хоча па вымеранай велічыні зямнога дыяметра знайсці адлегласць ад снарада да Зямлі.
— Не! — ускрыкнуў Барбікен пасля некалькіх хвілін маўчання, — не, мы не падаем! Мы знаходзімся цяпер за 200 000 кілометраў ад Зямлі! Ужо мы прайшлі тое месца, дзе снарад спыніўся-б, калі-б яго пачатковая скорасць была толькі 11 000 метраў! Выходзіць, што мы ўсё яшчэ падымаемся.
— Гэта правільна, пацвердзіў Ніколь, — і, значыцца, пачатковая скорасць была значна больш