— Такія філосафы, як Платон, Арыстотэль, Дэкарт і Кант?
— Без сумнення.
— І Архімед, Еўклід, Паскаль, Н’ютон і розныя такія вучоныя?
— Магу за гэта паручыцца.
— І такія фатографы, як… Надар?
— Ды чаму-ж ім не быць?
— Ну, калі па-твойму, мілы дружа Барбікен, гэтыя жыхары Луны такія разумныя, як мы, а можа, і таго больш, то чаму-ж ім да гэтага часу не прышло ў галаву паспрабаваць завесці зносіны з Зямлёю?
— А табе адкуль-жа вядома, што яны нічога такога не прадпрыймалі? — запытаў зусім сур’ёзна прэзідэнт.
— Сапраўды, — заўважыў Ніколь калі яны не зрабілі гэтага, то зусім дарэмна — ім гэта лягчэй удалося-б, чым нам, і вось з якіх прычын: прыцягальная сіла Луны ў шэсць разоў слабейшая за цягаценне зямнога шара, што значна палегчыла-б узлёт іх ядра: ім прышлося-б дамагацца падняцця ядра ўсяго на 30 000 кілометраў, а не на 300 000; значыцца, пачатковую скорасць у першым выпадку трэба было-б надаць ядру куды меншую, чым у другім.
— Так, гэта дзіўна, — сказаў Мішэль. — Я зноў паўтараю, чаму-ж ім не прышло гэта ў галаву?
— А я, — засупярэчыў Барбікен, — у сваю чаргу, запытваю ў цябе: хто сказаў табе, што яны гэтага не зрабілі?
— Ну калі-ж?
— А за тысячы гадоў да нашага з’яўлення на свет.
— Ды дзе-ж іх снарад? Пакажыце мне яго!