рухаліся, але, з прычыны вялізнай адлегласці, аддзяляючай іх ад снарада, адносная велічыня іх ніколькі не змянілася: Сонца і зоры заставаліся такімі-ж самымі, якімі мы іх бачым з Зямлі. Луна хаця і здавалася значна большых размераў, але слабыя трубы нашых падарожнікаў яшчэ не дазвалялі ўбачыць падрабязнасці яе будовы.
Час непрыкметна ішоў у бесперапынных гутарках. Гаварылі ўсё больш аб Луне; кожны выказваў усё, што ведаў: Барбікен і Ніколь, як і заўсёды, сур’ёзныя, Мішэль — невычарпальна вясёлы.
Шмат гутарылі аб самім снарадзе, аб яго палажэнні і шляху, аб тых выпадковасцях, якія маглі-б сустрэцца, аб неабходных перасцярогах, якія трэба было прыняць пры падзенні на Луну, і інш. і інш. Адным словам, гутарка не спынялася ні на хвіліну.
У час снедання пачалі гутарку настолькі цікавую, што лічым неабходным перадаць яе чытачу.
Мішэлю захацелася ведаць, што зрабілася-б са снарадам, калі-б якою-небудзь невядомаю сілаю ён быў затрыманы пры вылеце з калумбіяды.
— Але, — засупярэчыў старшыня Пушачнага клуба, — я не разумею, якім-жа гэта спосабам затрымаць снарад.
— А дапусцім, што гэта здарылася-б; што тады?
— Тваё дапушчэнне, вядома, немагчымае, — адказаў Барбікен. — Вось хіба сіла піраксіліна аказалася-б недастатковай; але ў такім выпадку скорасць снарада пачала-б змяншацца паволі, пакрыху, і снарад усё-ж не спыніўся-б адразу, як ты гаворыш.
— Ну, дапусцім, што ён сутыкнуўся з якім-небудзь целам у прасторы.