— З якім-жа, напрыклад?
— Ды хаця-б з тым-жа самым балідам, які мы сустрэлі.
— Тады, — сказаў Ніколь, — снарад разляцеўся-б на дробныя кавалачкі, а значыцца, і мы таксама.
— Бадай, гэтага яшчэ і мала, — дадаў Барбікен, — мы згарэлі-б жыўцом…
— Згарэлі! — ускрыкнуў жартаўнік. — Вельмі шкадую, што нічога такога не здарылася: цікава было-б паглядзець…
— Але, так было-б, — гаварыў далей Барбікен. — У сучасны момант вядома, што цеплыня ёсць асобы від руху; так, калі ты награваеш ваду, г. зн. надаеш ёй цеплыню, то ты гэтым прымушаеш частачкі вады паскорана рухацца.
— Вось як! — усклікнуў Мішэль. — Гэта вельмі разумная тэорыя.
— А галоўнае — правільная, мой дружа. Калі націскаць тормаз поезда чыгункі, то поезд спыніцца. А што стане з рухам, які ён да гэтага часу меў? Рух гэты ператворыцца ў цеплыню, таму тормаз і награваецца. Цяпер разумееш?
— Ато-ж! — усклікнуў Мішэль. — Ужо так разумею, што толькі трымайся. Ды калі хочаш, вось табе мой прыклад: дапусцім, я доўга бегаў, як учадзелы, з мяне пот льецца градам; чаму-ж я павінен спыніцца? А вельмі проста: рух мой перайшоў у цеплыню, мне стала горача.
Старшыня Пушачнага клуба не мог стрымацца ад смеху, пачуўшы такі жартаўлівы прыклад. Затым зноў развіваў далей тэорыю цеплыні.
— Так, пры такой сутычцы з нашым снарадам здарылася тое самае, што і з куляй, якая, пры вельмі вялікай скорасці руху, ударылася-б аб металічную дошку: яна ад гэтага ўдару нагрэецца