ці ў Азіі на верхавіне Гімалаяў, не мог-бы яшчэ сказаць, што знаходзіцца на зямлі.
— Ёсць і іншая выгада, — дадаў Ніколь: — калі снарад упадзе на плоскую паверхню, ён застанецца на месцы, а калі дзе-небудзь на схіле гары, то пакоціцца, як мячык, і нельга ручацца, што мы застанемся цэлымі і непашкоджанымі. Гара, значыцца, наогул будзе зусім недарэчы.
Падарожжа ўвесь час праходзіла так удачна, што нельга было сумнявацца ў поспеху смелай справы. Старшыня Пушачнага клуба, аднак, чамусьці не быў спакойны: відаць, яго хвалявала нейкая думка, але якая — гэтага ён таварышам не гаварыў, каб заўчасна іх не ўстрывожыць.
Усе матэматычныя разлікі Кембрыджскай абсерваторыі вялі да таго, што снарад павінен быў папасці ў самы цэнтр луннага дыска. Сапраўды-ж выходзіла, што ён ляцеў да паўночнага паўшар’я; значыцца, першапачатковы напрамак змяніўся, адбылося адхіленне. У выніку якіх-жа прычын? Барбікен гэтага не мог адгадаць, а галоўнае — не мог вызначыць велічыні гэтага адхілення. Ён, аднак, да гэтага часу падзяляў са сваімі таварышамі думку аб выгадах пасадкі на паўночным паўшар’і.
Барбікен і далей вельмі ўважліва назіраў за Луной і, колькі мог, стараўся даследаваць, ці не змяніўся напрамак снарада. Можна ўявіць сабе жах становішча, калі-б снарад, не дасягнуўшы мэты, раптам быў прыцягнуты якой-небудзь сілаю ў міжпланетную прастору.
У гэты час Луна ўжо не здавалася плоскім кружком: злёгку вырысоўвалася яе выпукласць, і калі-б Сонца асвятліла яе ўскоснымі праменнямі, то вельмі ясна можна было-б адрозніць высокія горы, ззяючыя глыбіні кратэраў і дзівосныя