— Што ты думаеш з імі рабіць? — спытаў Барбікен.
— Я іх, вядома, буду разводзіць на Луне.
— Навошта-ж ты хаваў іх?
— Жарты, мой паважаны прэзідэнт, звычайныя жарты! Я хацеў выпусціць іх на Луне, не сказаўшы вам ні слова. Уяўляю ваша здзіўленне, калі-б вы ўбачылі, што гэтыя зямныя пярнатыя вольна разгульваюць па лунных раўнінах!
— О, жартаўнік! Вечны жартаўнік! — усклікнуў Барбікен. — Табе не трэба ніякага кісларода, ты і без яго вечна ў такім стане, у якім мы былі пад уплывам гэтага газу. Ты заўсёды нібы вар’ят.
— Ну, гэта яшчэ пытанне! Можа, мы толькі тады і былі па-сапраўднаму разумнымі! — засупярэчыў Мішэль Ардан.
Пасля такога філасофскага разважання прыяцелі ўзяліся наводзіць ранейшы парадак унутры снарада. Куры і певень зноў занялі свае месцы ў клетцы. Тут Барбікен і яго таварышы заўважылі новую дзівосную з’яву.
І куры, і певень, і ўсе навакольныя прадметы — нават уласныя іх целы, рукі і ногі — сталі незвычайна лёгкімі, як быццам страцілі ўсю ранейшую вагу…
Але так і павінна было здарыцца.
З той самай хвіліны, як яны пачалі аддаляцца ад Зямлі, іх уласная вага, вага снарада і ўсіх прадметаў, што былі ў ім, паступова змяншалася.
Звычайныя вагі не змаглі-б паказаць гэтага змяншэння цяжару, таму што гіры, якімі ўзважваецца які-небудзь прадмет, губляюць у гэтым выпадку такую-ж частку сваёй вагі, як і сам прадмет. Іншая справа — пружынавыя вагі, якія дзейнічаюць пругкасцю металічнай спіралі.