Ракетны састаў быў загадзя ўкладзены ў кожны цыліндр. Заставалася толькі своечасова выняць металічныя пробкі, устаўленыя ў дно снарада, і замест іх паставіць гэтыя цыліндры, якія так былі прыладжаны, што шчыльна заходзілі ў адтуліны, заткнутыя раней пробкамі.
Работа была закончана к тром гадзінам. Цяпер толькі заставалася чакаць.
Між тым снарад прыкметна набліжаўся да Луны. Пэўна, ён адчуваў на сабе ў некаторай ступені яе ўплыў; аднак, можна было ўжо сказаць, што снарад ні ў якім разе не ўпадзе перпендыкулярна да паверхні Луны, таму што ніжняя частка яго павінна была-б даўно ўжо абярнуцца да Луны, а гэтага ўсё яшчэ не было.
Барбікен яшчэ больш устрывожыўся, калі заўважыў, што снарад прыняў яўна ўскосны напрамак. Паўстала новая, жахлівая невядомасць…
Раней здавалася, што можна дапусціць толькі тры здагадкі: зварот на Зямлю, падзенне на Луну і нерухомае прабыванне ў нейтральным пункце. І вось цяпер з’яўляецца чацвертая, пагражаючая ўсімі жахамі бясконцасці! Толькі такі адважны вучоны, як Барбікен, такі флегматык, як Ніколь або смелы авантурыст, як Ардан, маглі спакойна перанесці гэтае жахлівае адкрыцце. Людзі іншага характару пачалі-б разглядаць пытанне з практычнага пункту гледжання; яны стараліся-б адгадаць, куды іх нясе гэты снарад-вагон. Нашы-ж падарожнікі разважалі зусім інакш: для іх галоўнае было — адшукаць прычыну новай з’явы.
— Такім чынам, мы саскочылі з рэльсаў, — сказаў Ардан. — Але адчаго такая аказія здарылася?
— Баюся я, — адказаў Ніколь, — што, не гледзячы на ўсе прынятыя перасцярогі, калумбіяда