Старонка:З пушкі на Луну.pdf/329

Гэта старонка была вычытаная

была няправільна нацэлена. Якая-б малая не была памылка, яе зусім дастаткова, каб кінуць нас за межы луннага прыцяжэння.

— Дрэнна, значыцца, нацэлілі? — спытаў Мішэль.

— Не думаю, — засупярэчыў Барбікен. — Вертыкальны напрамак пушкі быў дэтальна правераны; што яна была накіравана да зеніта — пра гэта і гаварыць не варта. А паколькі Луна праходзіць цяпер цераз зеніт месца стрэлу, то мы павінны былі яе сустрэць у час поўніка. Тут ёсць другая прычына, толькі адразу я не магу яе яшчэ знайсці.

— Ці не вельмі позна мы падляцелі да Луны? — спытаў Ніколь.

— Вельмі позна, ты думаеш? — паўтарыў Барбікен.

— Так, — гаварыў далей Ніколь. — У пісьме Кембрыджскай абсерваторыі сказана, што шлях наш павінен скончыцца за 97 гадзін 13 мінут і 20 секунд. З гэтага выходзіць, што раней гэтага тэрміну Луна яшчэ не будзе ў вызначаным пункце і што пазней мы таксама яе не застанем.

— Зусім справядліва, — пацвердзіў Барбікен, — мы вылецелі 1-га снежня ўвечары, а 10 гадзіне 46 мінут і 40 секунд; на месцы мы павінны быць 5-га а поўначы, у момант поўніка. У нас цяпер 5 снежня, палова чацвертага пасля паўдня; ясна, што васьмі з паловаю гадзін хопіць на тое, каб прывесці нас да мэты. За чым-жа стала? Якая-ж прычына таму, што мы не даляцім да Луны?

— А, можа, гэта ад лішку скорасці? — зноў запытаў Ніколь. — Памятаеш, мы вылічылі, што пачатковая скорасць была значна большая за тую, якую меркавалі ў абсерваторыі.