Старонка:З пушкі на Луну.pdf/33

Гэта старонка была вычытаная

20 секунд да прахаджэння цэнтра Луны праз намечаны пункт яго шляху.

Чацвертае пытанне: У які іменна момант Луна будзе знаходзіцца ў найбольш спрыяючым палажэнні, каб ядро дасягнула яе паверхні?
Адказ: На аснове вышэйсказанага трэба вызначыць час, калі Луна будзе ў найменшай адлегласці ад Зямлі, і таксама момант, калі цэнтр яе будзе ў зеніце: тады адлегласць зменшыцца яшчэ на велічыню зямнога радыуса, г. зн. на 6378 кілометраў. Таму даўжыня шляху снарада канчаткова вызначыцца ў 356600 кілометраў.
Неабходна, аднак, прыняць пад увагу, што хаця Луна кожны месяц збліжаецца з Зямлёю, але не заўсёды знаходзіцца пры гэтым у зеніце данага месца. Падобнае супадзенне паўтараецца праз доўгія прамежкі часу. Таму неабходна чакаць яго. На шчасце, такое супадзенне адбудзецца 4 снежня будучага года; Луна а поўначы будзе ў найменшай адлегласці ад Зямлі, і ў той-жа момант цэнтр яе будзе ў зеніце.
Пятае пытанне: На які іменна пункт трэба навесці пушку, з якой будзе выпушчаны снарад на Луну?
Адказ: З папярэдніх указанняў вынікае, што трэба наводзіць у зеніт таго месца, адкуль будуць страляць; такім чынам напрамак стрэлу будзе перпендыкулярны да плоскасці гарызонта, і снарад хутчэй вызваліцца ад дзеяння зямнога прыцяжэння. Але, каб Луна магла прайсці праз зеніт данага месца, трэба, каб геаграфічная шырата гэтага месца не перавышала 28 градусаў. Можна, вядома, выбраць месца не ў гэтым поясе, але тады неабходна наводзіць пад касым вуглом, і гэта складзе неспрыяючыя ўмовы для поспеху доследавання.
Шостае пытанне: Якое месца будзе займаць на небе Луна ў момант, калі выстраліць пушка?