нас можа чакаць. Мы перш за ўсё астраномы. Снарад — гэта той-жа кабінет Кембрыджскай абсерваторыі, толькі перанесены ў прастору. Возьмемся за назіранні!
Сказаўшы гэта, ён узяўся за работу з падвоеным стараннем і, наколькі магчыма, правільна абрысаваў розныя дэталі Луны.
У гэты час снарад усё яшчэ трымаўся дзесятай паралелі паўночнай шыраты і, як відаць, ішоў па мерыдыяну 20° усходняй даўгаты.
Тут будзе дарэчы зрабіць адну важную заўвагу наконт карты, якой падарожнікі карысталіся пры сваіх назіраннях.
На лунных картах, з прычыны адваротнага ізабражэння ўсіх прадметаў у падзорных трубах, поўдзень трэба лічыць уверсе карты, а поўнач унізе. Здавалася-б, што па той-жа прычыне ўсход павінен знаходзіцца налева, а захад направа. У сапраўднасці гэтага няма. Калі якую-небудзь лунную карту перавярнуць так, каб той край, які раней быў унізе, стаў верхнім, то ізабражоная на ёй Луна здалася-б нам у такім выглядзе, як і пры назіранні простым вокам, і тады, значыцца, усход быў-бы налева, а захад направа — у процілегласць таму, як гэта бывае на зямных картах. І вось прычына гэтай няправільнасці: назіральнікі, якія знаходзяцца ў паўночным паўшар’і, дапусцім у Еўропе, бачаць поўную Луну адносна сябе на поўдні. Назіраючы за ёю, яны спіною павернуты к поўначы — палажэнне адваротнае таму, якое яны займаюць, разглядаючы зямную карту. Паколькі яны павернуты спіною к поўначы, усход у іх злева, а захад — справа. Для назіральнікаў-жа, якія знаходзяцца ў паўднёвым паўшар’і, — у Патагоніі, напрыклад, — захад аказаўся-б, вядома, злева, а