Зямлі, і астраномы могуць даследаваць яе ўсебакова, асабліва калі назіранні робяцца між апошняй квадрай і маладзіком. У гэты час адсвечаны ёю цень цягнецца далёка ад усхода на захад, і таму вельмі зручна мераць яго даўжыню.
Пасля гары «Ціхо», якая ляжыць у паўднёвым паўшар’і, «Капернік» — самая вялікая вяршыня на ўсім лунным дыску. Ён стаіць адзінока, як велічэзны маяк, на мяжы «Мора Воблакаў» і «Акіяна Бур» і сваім яркім блескам адразу асвятляе дзве раўніны. Нічога не магло быць цудоўней за яго доўгія светланосныя палосы, асабліва прыгожыя у час поўніка, — палосы, якія, пераходзячы к поўначы за пагранічныя горныя ланцугі, тухлі, нарэшце, у «Моры Дажджоў». У час зямной раніцы снарад, нібы аэрастат, падняты ў прастору, лунаў над гэтай маляўнічай гарой.
Барбікен дакладна мог разгледзець яе абрысы. «Капернік» належыць да разраду кольцападобных гор першага парадку, г. зн. вялікіх цыркаў. Падобна «Кеплеру» і горам, якія пануюць над «Акіянам Бур», ён здаецца часам бліскучай кропкай, чаму яго лічылі дзеючым вулканам. Але гэта — вулкан патухшы, таксама як і ўсе вулканы на гэтым баку Луны. Акружына яго мае каля 80 кілометраў у дыяметры.
— На Луне шмат такіх цыркаў ці кругавых гор, — сказаў Барбікен, — і вельмі лёгка бачыць, што цырк «Каперніка» належыць да прамяністых. Калі-б мы яшчэ бліжэй падышлі, то можна было-б заўважыць конусы, якія тырчэлі з яго сярэдзіны і былі некалі дзеючымі кратэрамі. Вось яшчэ адна вельмі выдатная з’ява, якая сустракаецца на ўсім лунным дыску: унутраная паверхня гэтых цыркаў