значна ніжэйшая за знешнія раўніны, адваротна таму, што назіраецца ў зямных кратэрах.
— У чым-жа прычына такой асаблівасці? — запытаў Ніколь.
— Гэтага яшчэ ніхто не ведае, — адказаў старшыня Пушачнага клуба.
— Які цудоўны бляск! — паўтараў Мішэль. — Бадай ці можна сустрэць дзе-небудзь малюнак больш цудоўны!
— Што-ж скажаш ты, калі якія-небудзь выпадковасці закінуць нас да паўднёвага паўшар’я? — спытаў Барбікен.
— Я? Скажу, што там яшчэ прыгажэй! — адказаў, не запінаючыся, Мішэль Ардан.
У гэту хвіліну снарад праносіўся над самым цыркам «Каперніка». Цырк меў форму амаль поўнага круга, і яго крутыя акраіны выразна выдзяляліся. Можна было нават заўважыць падвойную кольцападобную граду. Навокал рассцілалася дзікая з выгляду, шэраватага колеру раўніна, рэльеф якой рысаваўся на жоўтым фоне. На дне цырка два ці тры конусы, падобныя вялізным брыльянтам асляпляючай ігры, бліснулі на момант і зноў зніклі, як-бы замкнёныя ў скрынцы. Берагі цырка к поўначы паніжаліся. Пралятаючы над вакольнай раўнінай, Барбікен мог адзначыць вялікую колькасць дробных гор. К поўдню раўніна ішла гладка, без усякіх узвышэнняў. К поўначы, наадварот, да таго месца, дзе яна падыходзіць да «Акіяна Бур», яна была падобна на водную паверхню, усхвалёваную ўраганам; верхавіны гор і ўзгоркаў здаваліся на ёй радамі ўздыбленых хваль. Усюды і ў розныя напрамкі беглі светлавыя палосы, якія ўсе сходзіліся ў адну кропку на верхавіне «Каперніка». Некаторыя з іх мелі да трыц-